вторник, 26 октября 2010 г.

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ. "Сярэдневяковая хрысціянская філасофія і беларуская рэлігійная думка ХХ стагоддзя".

Звычайна напрыканцы стагоддзяў і тым болей на мяжы тысячагоддзяў многія людзі, нават цэлыя народы спрабуюць падвесці пэўныя вынікі мінулага жыцця, асэнсаваць урокі гісторыі і адначасова нібы зазірнуць у будучыню, уявіць магчымыя перспектывы і агульны накірунак далейшага жыцця. Кожны народ імкнецца як мага лепей зразумець свае вытокі, «карані» і гістарычны лёс, глыбей cпазнаць адметнасць сваёй мовы духоўнай культуры, высветліць асаблівасці свайго менталітэту (спосабу мыслення, склада розуму), і ў рэшце рэшт, спасцігнуць сваё прызначэнне, ролю ў нашым свеце і ў Сусвеце.

У працэсе такога своеасаблівага народнага самаспасціжэння і падвядзення вынікаў найбольш значную ролю адыгрываюць найперш прыхільнікі «любові да мудрасці» – філосафы, сярод якіх выключна важнае месца займаюць прадстаўнікі хрысціянскай філасофскай думкі. Гэта абумоўлена тым, што хрысціянскіх філосафаў можна вобразна назваць «двойчы мудрацамі», паколькі іх творчая дзейнасць непасрэдна звязана не толькі з уласна філасофскаю мудрасцю, але і з найвышэйшай у свеце Боскай мудрасцю. Сёння нам неабходна яшчэ раз уважліва прыслухацца да глыбокіх разважанняў і меркаванняў гэтых сапраўдных мудрацоў з прарочым дарам, і тады, магчыма, будзе лягчэй дакладна вызначыць найлепшыя шляхі паляпшэння грамадскага жыцця. Таму звернемся да разгляду асобных аспектаў творчай спадчыны як заснавальнікаў і найбольш яркіх прадстаўнікоў еўрапейскай хрысціянскай філасофіі, так і прадстаўнікоў беларускай рэлігійнай думкі ХХ ст.

Еўрапейская хрысціянская філасофія прайшла даволі складаны, працяглы шлях свайго станаўлення і гістарычнага развіцця. У асноўных рысах яна склалася ў эпоху Сярэднявечча, а яе найбольш вядомымі прадстаўнікамі еўрапейскай хрысціянскай філасофіі з'яўляюцца славутыя сярэдневяковыя філосафы і тэолагі Аўрэлій Аўгустын, Тамаш Аквінскі, Ян Скот Эрыугена, Бернар Клервоскі і інш.

Cвяты Аўрэлій Аўгустын

Родапачынальнік хрысціянскай філасофіі гісторыі, адзін з айцоў Касцёла, св. Аўрэлій Аўгустын лічыў, што без Бога, які ёсць «найвышэйшае быццё і найвышэйшае жыццё», нічога нельга ні спазнаць, ні стварыць, а шлях да «дабрадзейнага і благаславёнага жыцця ўказаны ў ісціннай рэлігіі, у якой ушаноўваецца адзіны Бог» (гл.: Августин Блаженный. Об истинной религии. Теологический трактат. – Мн., 1999. – С.437, 523). Аўрэлій Аўгустын выказваў меркаванне аб тым, што душа чалавечая дзякуючы розуму і ведам узвышаецца над целам, і ўвогуле рэлігія «вучыць шанаванню адзінага найвышэйшага і ісціннага Бога» (гл.: Антология мировой философии... – М., 1969. – С.826). Пасля прыняцця хрысціянства Аўрэлій усё сваё жыццё прытрымліваўся прынцыпа «Credo, ut intelligam».

Cвяты Тамаш Аквінскі

Найбуйнейшым хрысціянскім філосафам і тэолагам Сярэднявечча быў сапраўдны «doctor angelicus», св. Тамаш Аквінскі. Ён заўсёды прытрымліваўся прынцыпу гармоніі веры і розуму і сцвярджаў, што чалавечы розум можа рацыянальна даказаць існаванне Бога. На погляд філосафа, магчымасць гармоніі розуму і веры базуецца на тым факце, што Бог прыходзіць да чалавека двума шляхамі: натуральным – праз створаны свет і звышнатуральным – праз адкрыццё. Ён таксама быў перакананы ў тым, што філасофскія дысцыпліны, якія грунтуюцца на ведах розуму, павінны быць дапоўнены навукай, святой і заснаванай на адкрыцці (гл.: Антология мировой философии... – С. 826). Тамаш Аквінскі лічыў Бога першапрычынай і канчатковай мэтай усяго існага і выказваў думку пра тое, што калі самым выдатным тварэннем Бога з'яўляецца чалавек, то развіццё чалавечага розуму будзе спрыяць павелічэнню славы Бога.

Адным з першых і найбольш вядомых заходнееўрапейскіх сярэдневяковых філасофаў містычнага напрамку быў Ян Скот Эрыугена. Ён практычна атаясамліваў сапраўдную філасофію і сапраўдную рэлігію, задаючы нібы рытарычнае пытанне: «...Хіба разважаць аб філасофіі – гэта не тое ж самае, што растлумачваць правілы ісціннай рэлігіі, дзякуючы якой першую і найвышэйшую прычыну ўсіх рэчаў – Бога – і пакорна ўшаноўваюць, і разумна даследуюць?» (гл.: Антология мировой философии.... – С. 789).

Сярэдневяковыя філасофы заклалі фундамент еўрапейскай хрысціянска-філасофскай думкі Новага і Навейшага часу. Іх ідэі актыўна, творча выкарыстоўваліся многімі філосафамі на працягу апошніх стагоддзяў. У ХХ ст. да меркаванняў найбольш вядомых мысляроў Сярэднявечча нярэдка звярталіся і прадстаўнікі беларускай рэлігійнай думкі. Сярод апошніх сваімі глыбокімі і неардынарнымі поглядамі выдзяляюцца, напрыклад, Казімір Сваяк, Леў Гарошка, Адам Станкевіч, Часлаў Сіповіч, Вацлаў Багдановіч, Вінцэнт Гадлеўскі і інш. Яны былі каталіцкімі святарамі, многія з іх мелі талент пісьменнікаў, навукоўцаў, асветнікаў. Беларускія рэлігійныя дзеячы распрацоўвалі разнастайныя праблемы рэлігійнай філасофскай думкі, займаліся прапаведніцкай, душпастырскай, місіянерскай дзейнасцю, больш-менш актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным і рэлігійна-культурным руху на Беларусі ў ХХ ст., былі сябрамі беларускіх культурна-асветных гурткоў, таварыстваў, рэлігійных і грамадска-палітычных арганізацый. Многія з іх выступалі ў друку з артыкуламі, нарысамі, чыталі лекцыі ў навучальных установах, займаліся музыкай, навукай, пісалі духоўныя вершы. Увогуле, беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя прыкметна паспрыялі развіццю беларускай культуры, асветы, мовы, грамадскай і філасофскай думкі; дапамаглі павысіць узровень нацыянальнай самасвядомасці беларусаў; сфармулявалі спецыфіку беларускага шляху, адметнасць беларускай нацыянальнай ідэі; сцвердзілі каштоўнасць беларускай гісторыка-культурнай спадчыны; паказалі этнакультурную самабытнасць беларускага народа.

У чым заключаецца адметнасць беларускай хрысціянскай думкі ХХ ст.? На мой погляд, у настойлівым імкненні асэнсаваць унікальнасць беларускага гістарычнага шляху ў кантэксце хрысціянства, а шырэй – у кантэксце еўрапейска-хрысціянскай цывілізацыі. Беларускімі рэлігійнымі дзеячамі ХХ ст. Беларусь разглядаецца як своеасаблівы эпіцэнтр культурна-цывілізацыйных уплываў Захаду і Усходу.

Гістарычны лёс Беларусі амаль заўсёды быў надзвычай складаным, нярэдка трагічным, насычаным усялякімі выпрабаваннямі і пакутамі – крывавымі міждзяржаўнымі і грамадзянскімі войнамі, рознымі эпідэміямі, стыхійнымі бедствамі, шматлікімі спробамі нядобразычліваўцаў з Захаду і Усходу цалкам асіміляваць беларускі народ, падначаліць яго сваім вялікадзяржаўным інтарэсам і мэтам. Аднак якім бы цяжкім ні быў лёс беларусаў, яны ніколі не ўпадалі ў адчай, у роспач, а наадварот, яшчэ з большай энергіяй пераадольвалі жыццёвыя складанасці, актыўна шукалі выйсце з амаль безвыходных (на першы погляд) сітуацый. Здаецца, што нашы далёкія продкі дзейнічалі паводле перакананняў незнаёмага ім рымскага імператара-філосафа Марка Аўрэлія (ІІ ст. н.э.), які быў перакананы, што ўсё залежыць ад Божай волі, а таму кожны чалавек павінен прымаць свой прадвызначаны Богам лёс (якім бы цяжкім ён ні быў) з удзячнасцю і нават радасцю за тое, што жыве і чым валодае.

Шмат цікавых, актуальных і сёння меркаванняў і думак пра сутнасць і ролю рэлігіі ў чалавечым быцці, пра пошукі шляхоў выратавання беларускай нацыі выказвалі некаторыя прадстаўнікі беларускай хрысціянскай думкі ХХ стагоддзя. Напрыклад, каталіцкі святар, беларускі рэлігійны дзеяч Казімір Сваяк (1890–1926) разглядаў рэлігію як адзін з «найважнейшых твораў народнай душы» і быў упэўнены, што «душа народу мусіць быць узапраўды рэлігійнай, злучанай з Боскім ідэалам – іначай народ сканае» (гл.: Беларуская думка ХХ стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія). – Варшава, 1998. – С. 279). Казімір Сваяк актыўна выступаў за рэлігійную еднасць беларускага народа, за пераадоленне яго канфесійнага расколу (на каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў) і рабіў выснову, што «з двух варожых каламутаў заходняга псеўдарацыяналізму і ўсходняга візантызму паўстаць мае наш родны Беларускі уніянізм», маючы на ўвазе «рэлігійны уніянізм двух абрадаў – славянскага і лацінскага», прычым, на яго думку, менавіта наш беларускі народ «створыць еднасць рэлігіі Усходу і Захаду» (гл.: Беларуская думка ХХ стагоддзя... – С. 280).

Cвятар Леў Гарошка

Беларускі гісторык, каталіцкі святар Леў Гарошка (1911–1977) у сваёй працы «Што дало Беларусі хрысціянства?» сцвярджаў, што найважнейшым скарбам, які прынесла з сабою на Беларусь хрысціянства, было «аб'яўленае слова Божае». Далёй айцец Л. Гарошка адзначаў, што ўсе скарбы Святога Пісання разам з хрысціянскай мараллю і хрысціянскай філасофіяй «пачалі паволі пранікаць у светагляд беларуса і ў ягонае практычнае жыццё» (гл.: Беларуская думка ХХ стагоддзя...– С. 409). Л. Гарошка падкрэсліваў, што хрысціянства «адчыніла для Беларусі дзверы да скарбаў культуры Захаду і Усходу»; разам з хрысціянствам на нашы землі прыйшла асвета (тады пачалі закладвацца першыя школы, з'явіліся кнігі і іх перапісчыкі, першыя духоўныя, а пазней свецкія пісьменннікі), больш плённым стала развіццё мастацкай культуры (у выяўленчым мастацтве ўзніклі іканаграфія, фрэскавае мастацтва, мазаіка, арнаментыка рэлігійнага зместу; у музыцы – рэлігійныя мелодыі на візантыйскай і рымскай аснове і да т.п.). Найважнейшай умовай для ўсебаковага развіцця чалавека і ўсяго грамадства айцец Леў Гарошка лічыў пастаяннае ўзаемадзеянне рэлігіі, культуры і навукі.

Cвятар Часлаў Сіповіч

Каталіцкі святар Часлаў Сіповіч (1914–1981) у артыкуле «Асновы беларускага патрыятызму» (1947) спасылаўся на глыбокія разважанні аднаго з найвялікшых тэолагаў Сярэднявечча св. Тамаша Аквінскага, які ў сваёй вядомай працы «Сума тэалогіі», разважаючы аб пашане і адносінах да людзей, пісаў: «Трэба згадзіцца, што не аднолькавым спосабам чалавек застаецца даўжніком іншых, гэта залежыць ад велічы і значэння таго, ад каго мы атрымоўваем пэўныя дабрадзействы. Заўсёды аднак Бог займае першае месца, бо ён найвялікшы дабрадзей, Ён крыніца нашага быцця і яго кіраўнік. На другім месцы пасля Бога крыніцай нашага быцця і яго кіраўнікамі з'яўляюцца бацькі і Бацькаўшчына, цераз якіх мы прыйшлі на свет і якія нас узгадавалі. Дзеля таго, паколькі сутнасцю рэлігіі з'яўляецца аддаванне хвалы Богу, пастолькі сутнасцю адданасці і паважання нашых туземных дабрадзеяў з'яўляецца пашана і хвала бацькоў і Бацькаўшчыны. Пад словам «бацькі» разумеем таксама ўсіх родных і сваякоў, бо таму ж яны нам і родныя, што маюць пачатак ад тых самых бацькоў. Паняцце Бацькаўшчыны ахоплівае таксама ўсіх грамадзян і ўсіх яе прыхільнікаў...» (гл.: Беларуская думка ХХ стагоддзя... – С. 404–405). Таму беларускі рэлігійны мысляр лічыў трыма галоўнымі складовымі часткамі беларускага патрыятызму Бога, бацькоў і Бацькаўшчыну, а таксама вылучаў такія тры адхіленні ад сапраўднай любові да Радзімы, як вузкі нацыяналізм (або шавінізм); касмапалітызм і камуністычны інтэрнацыяналізм; вырачэнне сваёй Бацькаўшчыны (або рэнегацтва).

Cвятар Адам Станкевіч

Яшчэ адзін вядомы каталіцкі святар, гісторык, публіцыст Адам Станкевіч (1891–1949) у сваёй кнізе «Хрысціянства і беларускі народ» (1940) сцвярджаў, што сапраўднай праграмай стварэння беларускага нацыянальнага і рэлігійнага сінтэзу (які можа і павінен даць выключна станоўчыя вынікі) можа служыць выказванне святога Аўгустына «In dubiis – libertas, in necessariis – unitas, in omnibus – caritas». У беларускім перакладзе гэта азначае прыблізна наступнае: «У сумненнях – свабода, у канчатковых справах – адзінства, ува ўсіх – любоў». На думку беларускага святара і асветніка, гэтая праграма дапаможа беларускаму народу стварыць яго адзінства, якое было ў нашым народзе яшчэ да падзелу (на розныя канфесіі), калі хрысціянства прыйшло на беларускія землі ў канцы Х ст. (гл.: Беларуская думка ХХ стагоддзя.... – С. 353). На думку беларускага хрысціянскага мысляра, жыццёвай неабходнасцю для беларускага народа з'яўляецца дасягненне рэлігійнага, нацыянальнага і культурнага сінтэзу, прычым менавіта унія (злучэнне праваслаўнай Царквы з сусветным рымскім Касцёлам) «магла б адрадзіць народ наш у жыцці царкоўна-рэлігійным, а такжа ў жыцці народным, бо праваслаўную царкву адарвала б ад маскоўшчыны і злучыла б яе з душой народу» (гл.: Беларуская думка ХХ стагоддзя... – С. 348).

Відавочна, што па сутнасці беларускія асветнікі і мысляры ХХ ст. выказвалі думкі і меркаванні, шмат у чым падобныя да поглядаў сярэдневяковых хрысціянскіх філосафаў. Больш за тое, некаторыя з беларускіх рэлігійных дзеячаў нярэдка спасылаліся ў сваіх працах на аўтарытэтаў ранняй хрысціянскай філасофіі. Галоўны шлях да выратавання народа, паляпшэння яго жыцця-быцця прадстаўнікі беларускай хрысціянскай думкі бачылі ў тым, каб кожны чалавек дзеля народнага дабра, забеспячэння бязбеднага, шчаслівага жыцця актыўна, плённа і нават самаахвярна працаваў на агульнае дабро, умацоўваў у сабе хрысціянскія дабрадзейнасці, меў рэлігійныя цноты, прытрымліваўся Божых запаведзяў. У пэўным сэнсе нават можна сказаць, што шлях да лепшага жыцця быў паказаны яшчэ ў раннім Сярэднявеччы заснавальнікам ордэна бенедыктынцаў св. Бенедыктам у вельмі лаканічнай, афарыстычнай форме – «Ora et labora». Пры такім падыходзе чалавечае грамадства можа даволі высока ўзняцца ў сваім маральна-духоўным развіцці, самаўдасканаленні кожнай асобы, паспяхова пераадолець шматлікія цяжкасці і складанасці быцця...

Надзвычайная моц, магутнасць рэлігійнай філосафіі заключаецца ў тым, што яна шчыльна звязана не толькі з філасофскай мудрасцю чалавецтва (назапашанай за многія стагоддзі), але і з найвышэйшай мудрасцю ў свеце – з Божым Провідам, адкрыццём, з усемагутнай Божай воляй. Хрысціянскія філосафы бачылі сваю задачу ў тым, каб спачатку спасцігнуць Божую волю і мудрасць, а затым ужо распаўсюдзіць яе сярод шырокіх пластоў грамадства. Увогуле, найлепшыя ўзоры беларускай рэлігійнай думкі ХХ стагоддзя могуць служыць своеасаблівым арыенцірам для тых патрыятычна настроеных грамадзянаў (асабліва сённяшняй моладзі) Беларусі, якім будзе наканавана лёсам працаваць на карысць нашай Бацькаўшчыны ў ХХІ стагоддзі і адначасова ў новым, ІІІ тысячагоддзі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий