Чалавечай натуры ўласціва патрэба належаць да пазнавальнай, даўгавечнай грамадскай супольнасці, якая не нараджаецца і не памірае разам з чалавекам. У часы ўзмоцненай рухомасці людзей, якія пакідаюць родную вёску, дыфузіі калісьці замкнутых этнічных супольнасцей, прыняцця ў склад гістарычных нацыянальнасцей асоб, якія да іх раней не належалі, заспакаенне такой патрэбы стала сёння адной з самых надзённых спраў. Не бачна, каб нястрымны сусветны марш сучаснай цывілізацыі, які без сумнення паслабляе і нівеліруе культурную індывідуальнасць нацый, абавязкова мусіў бы нішчыць эмацыянальную нацыянальную сувязь. Хутчэй наадварот: па ўсёй Еўропе побач з поспехамі інтэграцыі набірае моц будаванне нацыянальных дамоў.
Як вядома, самаасэнсаванне спелага патрыятызму ўзбагачае духоўнае жыццё чалавека, узбуджае індывідуальнае пачуццё годнасці і нацыянальнага гонару дзеля таго, каб справіцца з цывілізацыйнымі выклікамі, ствараць новыя культурныя вартасці. Шмат у чым гэтае асэнсаванне залежыць ад успрыняцця, засваення назапашанага даробку ў галіне нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі (тоеснасці, тоесамнасці).
Чаму ж гэты даробак важны для падобнай ідэнтыфікацыі? Відаць, таму, што за апошнія дзвесце год затрачана нямала часу, каб сфарміраваць акрэсленне нацыі. Эфект, зрэшты, быў мізэрны. Адзінай асэнсаванай высновай з велізарнай колькасці літаратуры на гэтую тэму стала сцвярджэнне, што «нацыя ёсць група, якая хутчэй акрэслівае сама сябе, чым акрэсліваецца іншымі».
Можна нават сказаць, што ў даследаваннях пра нацыі перамог прынцып гуманістычнага каэфіцыента, згодна з якім нельга адэкватна ўявіць сабе грамадскую рэчаіснасць без удакладнення найперш пункту гледжання яго стваральнікаў і ўдзельнікаў.
А якраз нацыянальная (гуманітарная ў першую чаргу) інтэлігенцыя, ідэолагі і правадыры фарміруюць адчуванне нацыі, але, зразумела, пры наяўнасці першаснай нацыянальнай тоеснасці. Нехта трапна сказаў, што нацыя — гэта спячая прыгажуня, якую абуджае да жыцця пацалунак нацыянальных ідэолагаў, бо нацыю нельга стварыць з нічога.
Дасюль у беларускага чытача не было магчымасці ўспрыняць разам, як адно цэлае, тыя меркаванні, што былі выказаны ў розны час пра нацыянальную тоеснасць беларускай нацыі яе лепшымі прадстаўнікамі. Гэты вакуум запаўняе складзеная Юрыем Гарбінскім анталогія «Беларуская думка ХХ стагоддзя: Філасофія, рэлігія, культура», выдадзеная летась у Варшаве на беларускай, рускай і польскай мовах. Тут сабраны працы беларускіх мысліцеляў, праваслаўных і каталіцкіх дзеячаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, публіцыстаў, палітыкаў, што вырашаюць геапалітычныя праблемы і пытанні. У кнізе прадстаўлены іх канцэпцыі і меркаванні пра Беларусь як цэнтр культурна-цывілізацыйнага ўзаемадзеяння Усходу і Захаду.
Асаблівая ўвага ў працах, што прадстаўлены ў анталогіі, удзяляецца вызначэнню нацыянальна-цывілізацыйных асноў беларускага этнасу, нацыі. Разглядаюцца ключавыя фактары фарміравання і этапы развіцця нацыянальнай самасвядомасці.
Значнае месца ў кнізе займаюць праблемы рэлігійнай раз’яднанасці беларусаў. Аналізуюцца вынікі шматгадовага аналітычнага і практычнага пошуку культурна-нацыянальнага сінтэзу, асэнсавання ролі праваслаўя, рыма-каталіцтва і грэка-каталіцтва (уніі) у гісторыі беларускай нацыі і ў працэсах этнічнай і нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў.
Варта адзначыць, што большасць сабраных у кнізе тэкстаў была першапачаткова надрукавана ў тых беларускіх і польскіх выданнях, якія практычна застаюцца недасягальнымі для сучаснага чытача як ў Беларусі, так і за яе межамі.
Тэксты аўтараў, напісаныя ў розныя гады, і сёння гучаць актуальна. Пачынаецца кніга з артыкулаў А. Луцкевіча, сярод якіх вылучаецца праца «Беларусь і Расея» (1918). Варта вылучыць артыкулы А. Стаповіча «Фактары асіміляцыйнага працэсу» (1931), В. Іваноўскага «Спольшчаныя і змаскоўшчаныя» (1941). Перадрукаваны артыкулы Ю. Хадыкі «Беларуская нацыянальная ідэя на мяжы двух стагоддзяў» (1995), З. Пазьняка «О русском империализме и его опасности» (1993). Упершыню апублікавана даследаванне У. Конана «Беларуская нацыянальная ідэя: гістарычны аспект і сучасныя праблемы» (1997). Перадрукаваны першы канцэптуальны агляд станаўлення беларускага нацыянальнага светапогляду Ігната Канчэўскага «Адвечным шляхам» (1921). Гэта — сапраўды класічны твор.
Шмат якія працы (а ў анталогіі прадстаўлены прыкладна шэсцьдзесят аўтараў) вартыя таго, каб іх перадрукаваць у перыядычным друку, бо не да кожнага гэтая карысная кніжка дойдзе.
Трэба таксама адзначыць малады ўзрост многіх аўтараў. Некаторыя абагульняючыя артыкулы, што дэманструюць высокую дасведчанасць і эрудыцыю іх творцаў, напісаны трыццацігадовым Антонам Луцкевічам, дваццаціпяцігадовым Максімам Багдановічам і Ігнатам Канчэўскім. Каб і сёння нашы маладыя рупліўцы беларушчыны выступалі з падобнымі дасканалымі публікацыямі — ото было б добра!
Не маю сумненняў, што анталогія «Беларуская думка ХХ стагоддзя» можа стаць настольнай кнігай для кожнага свядомага беларуса, умацаваць яго ўпэўненасць у слушнасці сваіх поглядаў. А калі б яшчэ кожны ўладальнік кнігі распаўсюдзіў бы яе палажэнні сярод блізкіх, сяброў, вучняў, то гэта дапамагло б тым, хто яшчэ не знайшоў свайго месца ў нацыянальным адраджэнні, зрабіць гэта, няхай і са спазненнем.
Валянцін Грыцкевіч, дацэнт Санкт-Пецярбургскага інстытута культуры
Комментариев нет:
Отправить комментарий